І́НДЭКС ЦЭН,

абагульняльны паказчык дынамікі і суадносін узроўню цэн, які характарызуе адносныя змены цэн за пэўны перыяд. Вызначаецца адносінамі сярэднеўзважаных цэн на асобныя віды тавараў (паслуг) або іх сукупнасці да сярэднеўзважаных цэн у базісным перыядзе. І.ц. можа быць індывідуальны — разлічваецца для пэўных відаў тавараў (паслуг), і зводны — характарызуецца суадносінамі ўзроўню цэн (тавараў, паслуг) па іх сукупнасці. У сваю чаргу зводныя І.ц. падзяляюцца на агульныя, якія ахопліваюць усю вывучаемую сукупнасць тавараў і паслуг, і групавыя — вызначаюцца для пэўных груп тавараў (паслуг).

Адрозніваюць індэкс рознічных і спажывецкіх цэн на тавары і паслугі. Індэксы рознічных цэн разлічваюцца для вызначэння іх сярэдняга змянення на тыя тавары і паслугі, якія набываюцца пэўнымі групамі насельніцтва. Падлічваюцца на падставе рэгістрацыі рознічных цэн для стандартнага набору тавараў і паслуг, а вагі вызначаюцца па структуры спажывецкіх расходаў сем’яў рабочых і служачых (устанаўліваюцца папярэднімі абследаваннямі іх бюджэтаў). Індэксы гэтага віду адносяцца да індэксаў кошту жыцця. Пры налічэнні ўласна індэксаў рознічных цэн не ўлічваюцца паслугі, якія рэалізуюцца па-за рознічным гандлем, а вагі разлічваюцца па частцы тавараў у агульным абароце рознічнага гандлю. Індэкс спажывецкіх цэн характарызуе змяненне агульнага ўзроўню цэн на тавары і паслугі, якія набываюцца насельніцтвам для невытворчага спажывання. Ён паказвае дынаміку змены цаны рыначнага набору спажывецкіх тавараў («рыначны кошык») і выкарыстоўваецца для пераразліку намінальнага аб’ёму прадукцыі (даходу) у рэальны.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)